МІ́НСКІ ПІШЧА́ЛАЎСКІ ЗА́МАК,

турэмны замак, гарадскі астрог, помнік архітэктуры 19 ст. Пабудаваны ў 1822—25 у Мінску на ўскраіне тагачаснага горада на гары ў прадмесці Раманаўская Слабада (сучасная вул. Валадарскага) пад кіраўніцтвам арх. М.Чахоўскага і К.Хршчановіча (ад прозвішча падрадчыка Р.Пішчалы доўгі час наз. Пішчалаўскім). Мураваны 3-павярховы прамавугольны ў плане з 4 круглымі вежамі на вуглах будынак, накрыты вальмавым дахам. Вежы, аздобленыя нішамі, завершаны прафіляванымі зубцамі. Рытм фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы. 2-і і 3-і паверхі аддзелены карнізным поясам. Будынак абнесены мураванай сцяной, умацаванай контрфорсамі. У паўн.-ўсх. ч. сцяны размешчаны 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты 2-схільным дахам. Гал. фасад падзелены карнізам на 2 ярусы (ніжні ярус з шырокай праезнай аркай аздоблены рустам) і завершаны трохвугольным франтонам. З 2-й пал. 19 ст. выкарыстоўваецца як турма; у замку былі царква, шпіталь,.школа, аптэка, майстэрні і інш. Помнік рэсп. значэння.

У.М.Дзянісаў.

т. 10, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)